РАГАЧО́ЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Існавала з 1.7.1906 да 1918 у г. Рагачоў Магілёўскай губ. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 класы, з 1911—7 кл. і падрыхтоўчае аддзяленне. Выкладаліся: закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, спевы, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, а таксама на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. У вучылішчы працавалі дырэктар, інспектар, 3 законанастаўнікі, 13 выкладчыкаў, урач. У 1906 у вучылішчы 51 выхаванец, у 1908—106, у 1911—223, у 1915—256. Скасавана ў 1918.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)